СУСВЕ́ТНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЙ МО́ЛАДЗІ (СФДМ),
міжнародная дэмакр. арг-цыя, якая аб’ядноўвае моладзь розных паліт. поглядаў (але пераважна левасацыяліст. і камуніст. арыентацыі), рэліг., расавай, нац. прыналежнасці і сац. становішча. Засн. 10.11.1945 на Сусв. канферэнцыі моладзі ў Лондане (з гэтага часу 10 ліст. адзначаецца як Сусв. дзень моладзі). У 2-й пал. 1980-х г. СФДМ аб’ядноўвала больш за 270 маладзёжных арг-цый амаль са 100 краін. З іх значную ч. складалі камуніст. маладзёжныя арг-цыі СССР і інш. сацыяліст. краін. Сав. моладзь (у т. л. беларускую) у СФДМ прадстаўлялі ВЛКСМ (38 млн. чл. у 1988) і К-т маладзёжных арг-цый СССР. Колькасць членаў і міжнар. ўплыў СФДМ значна скараціліся ў 1990-я г. з ліквідацыяй сацыяліст. арыентацыі ў рэспубліках б. СССР і краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: камуніст. маладзёжныя арг-цыі тут спынілі існаванне або страцілі масавасць. З часу заснавання СФДМ вядзе барацьбу за мір і правы моладзі, незалежнасць народаў, супраць праяў імперыялізму, глабалізму, неакаланіялізму, фашызму і расізму; у 1947—2001 арганізавала і правяла 15 Сусветных фестываляў моладзі і студэнтаў. Вышэйшы орган СФДМ — Ген. асамблея (да 1957 Кангрэс), выканаўчыя органы — Выканком і Бюро СФДМ; бягучыя справы вядзе Сакратарыят (у Будапешце). Бел. моладзь прадстаўляе ў СФДМ адроджаны (1992) Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі.
т. 15, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)